ІСПА́НСКАЯ ФАЛА́НГА (Falanga Espanola),

фашысцкая партыя ў Іспаніі ў 1933—67. Засн. Х.А.Прыма дэ Рыверам. У 1934 аб’ядналася з другой фаш. арг-цыяй — Хунтамі нацыянал-сацыялісцкага наступлення (засн. ў 1931). Абедзве групоўкі ўзніклі ў маладзёжным асяроддзі пад уплывам ідэйных і арганізац. узораў італьян. фашызму і ням. нацызму. Мела нацыяналіст. праграму: імкнулася да стварэння таталітарнай дзяржавы, прыняла прынцып аднаасобнага кіраўніцтва (нац. правадыр — Прыма дэ Рывера). Стварыла парт. міліцыю, якая дзейнічала тэрарыст. метадамі. Супрацоўнічала з італьян. і ням. фашыстамі. Варожа ставілася да ісп. рэспублікі 1931—36, пасля перамогі на выбарах Нар. фронту забаронена (сак. 1936). Актыўна падтрымала антырэсп. мяцеж (ліп. 1936), з 1937 адзіная легальная паліт. партыя на чале з Ф.Франка, прыняла назву «Ісп. фаланга традыцыяналістаў і хунт нацыянал-сацыялісцкага наступлення». Лічылася адным з гал. элементаў дыктатуры Франка; не адыгрывала самаст. паліт. ролі. Паводле дэкрэта 1958 ператворана ў грамадска-паліт. рух, у 1967 заменена Нац. рухам (распушчаны ў 1977).

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)